2011/06/27

Біяграфія Максіма Багдановіча


(9.12.1891 – 25.05.1917)
Беларускі паэт, перакладчык, літаратуразнавец, празаік.
Раннія дзіцячыя гады правёў у Гродне (1892—96), жыў і вучыўся ў Ніжнім Ноўгарадзе (1896—1908) і Яраслаўлі (1908—16). Скончыў Дзямідаўскі юрыдыдычны ліцэй у Яраслаўлі (1916) і восенню прыехаў у Мінск. Працаваў сакратаром губернскай харчовай камісіі. У лютым 1917 цяжкахворы выехаў на лячэнне ў Ялту. Там памёр і пахаваны.

Першы друкаваны твор — алегарычная казка-прытча «Музыка» («Наша ніва», 1907, №24). Адзіны прыжыццёвы зборнік вершаў «Вянок» (Вільня, 1913). Яго паэзія развівалася ва ўмовах рэакцыі, у атмасферы вострыхсацыяльна-палітычных канфліктаў. Асноўны кірунак творчасці — патрыятычнае служэнне сацыяльнаму і нацыянальнаму вызваленню бел. народа, сцвярджэнне ідэй роўнасці і братэрства, барацьба за гуманіст. ідэалы. Не прымаючы тагачаснай рэчаіснасці, уціску чалавека-працаўніка, Багдановіча проціпастаўляў імагульначалавечыя духоўныя пачаткіпрыгожага і добрага (вобразы мадоннаў у «Вянку»). Дэмакратызм паэта эвалюцыянаваў. Да сцвярджэння ідэй гераічнага,  самаахвярнага змагання за інтарэсы народа. У паэзіі Багдановіча моцна гучалі ідэі нацыянальна-вызваленчай барацьбы супраць царскай імперыі як турмы народаў, супраць вялікадзяржаўнага шавінізму. Багдановіч-мастак асноўнай сваёй задачай лічыў узбагачэнне роднай літаратуры новымі тэмамі і формамі. Яго вершы — шматгранны паказ жыцця чалавека ў разнастайных сувязях з грамадствам і прыродай. Галоўнае ў іх — жыццялюбства («Прывет табе, жыццё на волі!», «Выйшаў з хаты»), актыўнае стаўленне да рэчаіснасці («Рушымся, брацця, хутчэй», «Кінь вечны плач свой аб старонцы!»), захапленне красой жыцця («Па-над белым пухам вішняў», «Зімой»), маладосцю («Маладыя гады»), мудрасцю, працавітасцю, таленавітасцю народа («Летапісец», «Слуцкія ткачыхі»). Але ў абставінах тагачаснай рэчаіснасці на першы план вылучаліся тэма паднявольнага жыцця працоўнага народа, роднага краю («Краю мой родны! Як выкляты богам», «Народ, Беларускі Народ!», «Беларусь, твой народ дачакаецца»), вобраз селяніна-працаўніка («Гнусь, працую, пакуль не парвецца», «Пан і мужык»), грамадзянскі сум («Мяжы», «Ой, чаму я стаў паэтам», «Вы, панове, пазіраеце далёка», «Эмігранцкая песня», «Пагоня»). Матывы смутку паглыбляліся асабістай драмай паэта, з 18 гадоў хворага на сухоты. У Багдановіча-лірыка моцная схільнасць да роздуму, развагі. Адсюль філасофская заглыбленасць яго вершаў («Зразаюць галіны таполі адну за адной», «Калі зваліў дужы Геракл у пыл Антэя», «Жывеш не вечна, чалавек», санет «На цёмнай гладзі сонных луж балота», рандо «Узор прыгожы пекных зор», «Перад паводкай»). Багдановіч з Я.Купалам — заснавальнікі пейзажнай і інтымнай любоўнай лірыкі ў беларкскай паэзіі («Я бальны, бесскрыдлаты паэт», трыялет «Мне доўгае расстанне з Вамі», «Я хацеў бы спаткацца з Вамі на вуліцы»). Вялікая заслуга паэта ў распрацоўцы гістарычнай тэмы («Летапісец», «Безнадзейнасць», «Перапісчык», «Агата», цыкл «Места», «Песня пра князя Ізяслава Полацкага») і урбаністычных матываў («Вулкі Вільні зіяюць і гулка грымяць», «На глухіх вулках — ноч глухая»). Шырока развіваў у беларускай лірыцы так званыя вечныя тэмы жыцця, смерці, кахання, дружбы (нізка «Каханне і смерць», рандэль «На могілках», трыялет «С.Палуяну»). Творчасць Багдановіча мела першаступеннае значэнне ў гістарычным самапазнанні народа і сцвярджэнні яго месца ў гісторыі чалавецтва. Яго вершы вызначаюцца майстэрскім выкарыстаннем вобразна-выяўленчых сродкаў класічнай і песенна-народнай паэтыкі. Выхаваны на паэзіі А.Пушкіна, А.Фета, Ф.Цютчава, добра знаёмы з сучаснай яму рускай паэзіяй, узбагаціў родную літаратуру перадавымі ідэямі і багатым эстэтычным вопытам. «Вянок» стаў у беларускай паэзіі ўзорам творчага засваення класічнай паэтыкі на нацыянальнай глебе. Школай высокага майстэрства з'яўляюцца змешчаныя тут санеты, трыялеты, рандо, актавы, тэрцыны, пентаметры. Класічную культуру нёс роднаму слову Багдановіч і як перакладчык Гарацыя, Авідзія, Ф.Шылера, Г.Гейнэ, А.Ф.Арвера, П.Верлена, Э.Верхарна, Ю.Святагора, А.Пушкіна, А.Майкава, А.Крымскага, М.Розенгейма, А.Алеся. Перакладаў на рускую мову творы Я.Купалы, Т.Шаўчэнкі, І.Франко, В.Стафаніка, У.Самійленкі. Вялікае месца ў творчасці Багдановіча займаў фальклор: выкарыстанне беларускай міфалогіі («Чуеш гул? — Гэта сумны, маркотны тясун», «Вадзянік», «Змяіны цар»), вобразаў, матываў, рытміка-інтанацайнага складу беларускай народнай песні («Не кувай ты, шэрая зязюля», нізка «На сінім Дунаі»). Вершы беларускага складу — узор лірыкі, стылізаванай пад песенна-народную паэтыку («Бяседная», «Лявоніха», «Скірпуся»). Паэмы Багдановіча — пошук нацыянальнага эпасу: гераічнага — «Максім і Магдалена», «Страцім-лебедзь», сацыяльн-бытавога — «Мушка-зелянушка і камарык — насаты тварык». Пісаў у класічных і песенна-народных формах іншых паэзій (песні «Руская», «Украінская», «Сербская», «Скандынаўская», «Іспанская», у форме рубаі — «Персідскія», у форме танкі — «Японскія»).

Праца Багдановіча-крытыка накіравана на абарону рэалізму і народнасці — эстэтэтычных асноў перадавой беларускай літаратурыры пач. 20 ст. («Глыбы і слаі», 1911; «За тры гады», 1913; «Забыты шлях», 1915). Адзін з заснавальнікаў навук. гісторыі беларускай літаратуры («Кароткая гісторыя беларускай пісьменнасці да XVI сталецця», «Новы перыяд у гісторыі беларускай літаратуры»). Лепшыя апавяданні Багдановіча стаяць каля вытокаў беларускай нацыянальнай прозы («Апокрыф», 1913; «Апавяданне аб іконніку і залатару...», 1914). Даследаваў літаратуру і гісторыю славянскіх народаў (арт. пра Шаўчэнку, М.Ламаносава, Пушкіна, М.Лермантава, гістарычна-этнаграфічныя нарысы «Украінскае казацтва», «Галіцкая Русь», «Угорская Русь», «Браты-чэхі» і інш.). Яго публіцыстыка звязана з супрацоўніцтвам (1913—16) у яраслаўскай газеце «Голос». Прозу, літаратуразнаўчыя і публіцыстычныя артыкулы часткова пісаў на рускай і ўкраінскіх мовах. Паэзія Багдановіча ўвайшла ў духоўную скарбніцу беларускага народа. Яна ўплывае на развіццё беларускай паэзіі і сёння, асабліва сваім глыбокім пранікненнем у духоўны свет чалавека і высокай культурай паэтычнага слова. Некаторыя вершы сталі народнымі песнямі («Зорка Венера», «Слуцкія ткачыхі»), многія пакладзены на музыку кампазітарамі. На лібрэта А.Бачылы кампазітар Ю.Семяняка напісаў оперу «Зорка Венера» (паст. 1970). У Мінску працуе Багдановіча М. літаратурны музей. (заснаваны ў 1981 годзе). Філіялы – музей “Беларуская хатка” ў Мінску, “Фальварак Ракуцёўшчына” у Маладзечанскім раёне.

Комментариев нет:

Отправить комментарий